БРА́СЛАЎСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.Засн. ў 1984 у Браславе на базе школьнага музея. Мае 6 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 147,6 м²), больш за 12 тыс. экспанатаў асн. фонду (1996). Сярод экспанатаў археал. знаходкі (неаліт. прылады працы, жаночыя ўпрыгожанні 11 ст., энкалпіёны, кафля і зброя з замка ў Іказні, посуд і манеты з сярэдневяковай Друі і інш.), матэрыялы з гісторыі Браслаўшчыны часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай, пра падзеі вайны 1812, паўстання 1863—64, перыяду ўваходжання Зах. Беларусі ў склад Польшчы, Вял. Айч. вайны. Этнагр. матэрыялы прадстаўлены вырабамі ткацтва, ганчарства, кавальства, разьбярства, пляцення, нар. муз. інструментамі. Асобныя экспазіцыі прысвечаны краязнаўству Браслаўшчыны, мастаку П.Сергіевічу, медыку С.Нарбуту (сын гісторыка Т.Нарбута). З 1989 праводзяцца навук.-краязнаўчыя канфер. «Браслаўскія чытанні».
К.С.Шыдлоўскі.
т. 3, с. 247
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)